Ва Украіне загінуў беларускі экс-палітвязень, які ваяваў за Расію

Аляксандр Вітухноўскі / фота з яго старонкі "Вконтакте"
Ва Украіне загінуў беларускі экс-палітвязень Аляксандр Вітухноўскі, які ваяваў на баку расійскіх акупантаў. Хлопцу было 24 гады. Пра яго гібель "Наша Ніва" даведалася ад сяброў Аляксандра.
Аляксандр Вітухноўскі — гамяльчук, вучыўся ён у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. На пачатку 2023-га яго арыштавалі, а ў кастрычніку таго ж года асудзілі па двух артыкулах — "распальванне варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК) і "ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК). Прысуд невядомы. Аднак праваабаронцы кажуць, што ў калонію Вітухноўскі трапіў як мінімум на некалькі месяцаў.
На волю ён выйшаў увесну 2024-га. Праз месяц яго абвясцілі ў міліцэйскі вышук. Шукалі яго і валанцёры з пашуковых атрадаў. У каментарах людзі заяўлялі, што бацькі ведаюць, дзе Аляксандр і што ён "паехаў у манастыр".
У лістападзе 2024-га Вітухноўскі выклаў у сацсетках размытае фота расійскага вайскоўца. А потым яго імя ўсплыло ў ліку 700 беларусаў, якія ваююць на расійскім баку. Іх імёны апублікаваў украінскі праект "Хачу жыць". Стала вядома, што 14 чэрвеня 2024 года гамяльчук падпісаў кантракт з расійскім войскам.
Паводле звестак "Нашай Нівы", загінуў хлопец на пачатку 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.