Ужо 800 дзён няма навінаў з турмы пра Мікалая Статкевіча

Николай Статкевич

Николай Статкевич / sb.by

Пра лідара "Народнай грамады" Мікалая Статкевіча ўжо 800 дзён няма ніякіх вестак з турмы. Родныя не могуць даведацца пра стан здароўя палітвязня, не могуць атрымаць спатканне з ім ці хаця б тэлефонны званок. Лісты ад Статкевіча і да яго не даходзяць да адрасатаў.

Такі парадак утрымання пад вартай называецца рэжымам інкамунікада. Рэпрэсіўныя беларускія ўлады ўжываюць яго супраць сваіх найбольш прынцыповых праціўнікаў.

Статкевіча затрымалі 31 мая 2020 года ў Мінску. Міліцыя спыніла ягоны аўтамабіль, калі ён разам са сваімі паплечнікамі ехаў у цэнтр горада.

14 снежня 2021 года Статкевічу быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.

У лістападзе 2022 года палітвязень захварэў на пнеўманію і трапіў у лякарню. У снежні і студзені яго змяшчалі ў штрафны ізалятар. Напачатку сакавіка 2023 года жонка палітвязня паведаміла, што ўжо месяц не атрымлівае ад яго лістоў, а да яго не дапусцілі адваката. На той момант Статкевічу было вынесена ў калоніі мінімум 21 спагнанне.

12 жніўня 2024 года палітыку споўнілася 68 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.