Увага! Мінск абвалаквае эмбіент!

У клубе “Гудвін” адбылася паці пад назвай Lounge & Ambient Event. Падзея цікавая тым, што на мінскую сцэну выйшаў новы для шырокай публікі стыль музыкі – эмбіент. Ды-джэі Amanita, Kendoo ды Zentropie упершыню гралі не на эмбіент-танцполе, як гэта звычайна адбываецца на электронных рэйвах, а на вечарыне, цалкам прысвечанай гэтаму стылю. Чарговыя выходныя? І ты шукаеш адпачынку? Вечарына ў стылі эмбіент падыходзіць для гэтага ідэальна. Чаму? Таму што эмбіент – гэта спакойная і глыбокая музыка без бітаў і жорсткіх рытмаў. Здаецца, што яна нібыта абцякае цябе ды пагружае ў новыя адчуванні. Вялікае значэнне таксама надаецца атмасферы ў клубе. Менавіта гэта і значыць “эмбіент” у перакладзе.

Гэты стыль даволі спецыфічны для ўспрымання з-за свайго філасофскага настрою, што стварае плаўная, мяккая мелодыя. Таму слухае эмбіент даволі вузкае кола людзей. Цікава, што падштурхнула арганізатара Lounge & Ambient Event распачаць раскрутку гэтага стылю:

Дзяніс: “Мяне натхніла любоў да гэтай музыкі і да энергетыкі, што яна нясе. Такія эмоцыі, як чыстая радасць, магчыма, эйфарыя... Эмбіент для мяне – гэта нешта, што звязана з самасузіраннем”

Для таго каб навучыцца ўспрымаць эмбіент на ўсе 100%, трэба быць падрыхтаваным, кажуць знаўцы гэтага напрамку музыкі. Арганізатар вечарыны ў “Гудвіне” Дзяніс распавядае, як плануецца рыхтаваць людзей да новых імпрэз і якім планаваўся першы Lounge & Ambient Event:

Дзяніс: “ Вечарына задумвалася менавіта як лаўндж, таму што эмбіент – музыка даволі сур’ёзная, у той час як лаўндж стварае лёгкі і натуральны настрой. На гэтым этапе, у самым пачатку, мы хацелі стварыць натуральную атмасферу, схіліць да наведвання такога кшталту мерапрыемстваў, дзеля таго, каб потым ладзіць імпрэзы з больш сур’ёзным, удумлівым і глыбокім настроем”

А пакуль першае мерапрыемства паказала, над чым трэба працаваць: на вечарыне было больш ды-джэяў, чым слухачоў. Гэтую сітуацыю нам патлумачыў арганізатар вечарыны:

Дзяніс: “Трошкі была нечаканай колькасць людзей на гэтым мерапрыемстве: яна была не вельмі вялікая. Гэта звязана з тым, што гэтая музыка не вельмі папулярная ў нашай краіне. Я думаю, што гэта можна выправіць. Пры пэўных намаганнях вялікая колькасць людзей будзе хадзіць на гэтыя мерапрыемствы.”

Аматары андэграўнду ведаюць, што колькасць людзей звычайна ўплывае на якасць мерапрыемства. Еўрарадыё таксама не забылася на гэты феномен і запытала ў Дзяніса, ці не палохае яго тое, што эмбіент можа стаць масавым:

Дзяніс: “Калі мы выбіралі кірунак для арганізацыі мерапрыемстваў, улічваўся таксама і кантынгент. Як правіла, на такіх мерапрыемствах колькасць людзей ніяк не ўплывае на якасць”

Знаўцы эмбіенту плануюць паступова знаёміць вас з гэтым музычным напрамкам. І, значыць, у вас ёсць добрая магчымасць разабрацца ў ім грунтоўна. Наступнае мерапрыемства запланаванае на 5 кастрычніка.







Фатограф Annafud