Туск прыгразіў Беларусі мерамі ў адказ за арышт польскага манаха

Дональд Туск

Дональд Туск / канцылярыя прэм'ер-міністра Польшчы

Варшава гатовая прыняць меры ў адказ на арышт у Беларусі польскага грамадзяніна і абвінавачанне яго ў шпіянажы. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, піша TVP.

"Беларускія абвінавачванні абсурдныя. Па іх словах, польскі манах нібыта атрымліваў сакрэтныя матэрыялы аб ваенных вучэннях. Нашы спецслужбы рашуча гэта адмаўляюць", — заявіў Туск.

Паводле яго інфармацыі, затрыманы паляк прыехаў у Беларусь выключна для візіту да святара, які служыць у адной з мясцовых парафій.

Туск адзначыў, што Польшча пачала ўжо дыпламатычныя крокі, але гатовая да больш жорсткага адказу, калі сітуацыя не зменіцца. "Мы робім дыпламатычныя крокі, але, як вы ведаеце, Лукашэнка далёка не надзейны партнёр у такіх пытаннях. Нам не варта чакаць добрай волі з гэтага боку. Дазвольце мне растлумачыць: мы рыхтуем меры ў адказ на выпадак, калі сітуацыя не зменіцца, і будзем дзейнічаць хутка", — падкрэсліў польскі прэм'ер.

Увечары 4 верасня на тэлеканале "Беларусь 1" выйшаў сюжэт пра затрыманне польскага грамадзяніна Гжэгажа Гавела ў Лепелі. Беларускія прапагандысты паведамілі, што паляка падазраюць у шпіянажы. Пры ім нібыта знайшлі сакрэтныя дакументы, датычныя беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў "Захад-2025". Пазней выявілася, што затрыманы — 27-гадовы манах-кармеліт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.