Упершыню за два месяцы са Змітром Бандарэнкам сустрэўся яго адвакат

Упершыню за два месяцы са Змітром Бандарэнкам, даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 Андрэя Саннікава, сустрэлася яго адвакат Мар'яна Сямашка.

Як паведаміла БЕЛАПАН жонка Бандарэнкі Вольга, адвакат не бачыла свайго падабароннага з 29 снежня мінулага года.


З апошняга ліста Змітра Вольга даведалася, што ў мужа праблемы са здароўем. "У яго праблемы са страўнікам, са спінай. Але адвакату ён ні на што не скардзіўся, ён наогул з тых, хто не скардзіцца", — дадала Вольга.

Па словах жонкі палітыка, пасля прызнанняў Алеся Міхалевіча пра катаванні ў КДБ яна "чакала горшага".

Стала таксама вядома, што на 4 сакавіка прызначаны чарговы допыт Аляксандра Фядуты, які падчас выбарчай кампаніі быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

Бандарэнку і Фядута вінавацяць у арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску ўвечары 19 снежня. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.