Уначы расійскія дроны атакавалі радзільню ў Адэсе

Вынік расійскага ўдару па Адэсе / facebook.com/gtrukhanov
У ноч на 10 чэрвеня расіяне атакавалі Адэсу беспілотнікамі. Пра гэта паведамілі гарадскі галава Генадзь Труханаў і кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер, перадае hromadske.ua.
Паводле словаў Кіпера, Адэсу масіравана атакавалі ўдарныя дроны. Яны пацэлілі ў радзільню, станцыю экстранай медыцынскай дапамогі і жылыя дамы. Пацярпелых пры ўдары па радзільні, на шчасце, не было: пацыенты і персанал паспелі эвакуявацца.
"На шчасце, няма ахвяр і пацярпелых. Але сам факт, што пад ударам апынулася ўстанова, дзе нараджаецца жыццё, дзівіць сваёй жорсткасцю", — пракаментаваў Труханаў.
Кіпер паведаміў, што ў выніку атакі па горадзе загінуў 59-гадовы мужчына. Яшчэ чатыры чалавекі былі параненыя, ім аказваюць неабходную дапамогу медыкі.
Пазней стала вядома, што загінулі два чалавекі, а пацярпелі дзевяць.
У выніку абстрэлаў быў цалкам разбураны адміністрацыйны будынак станцыі экстранай медыцынскай дапамогі. У ім успыхнуў пажар. Былі пашкоджаныя машыны хуткай дапамогі, але пацярпелых сярод персаналу няма.
Таксама ў ноч на аўторак расіяне нанеслі ўдар па Кіеве і Кіеўскай вобласці. У выніку абстрэлаў былі разбураныя будынкі ў сямі раёнах украінскай сталіцы, пацярпелі чатыры чалавекі.



Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.