Украінскі сцяг знішчаць, бо ён "не адпавядае прапорцыям"

Грамадскі актывіст з Баранавічаў Уладзімір Гундар атрымаў адказ з суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы на свой ліст. Ён і яшчэ шэсць мясцовых грамадскіх актывістаў прасілі суд вярнуць сцяг Украіны, з якім Гундар пратэставаў супраць расійскай агрэсіі ва Украіне.



Нагадаем, што Гундар выйшаў 2 сакавіка з украінскім сцягам і плакатам “Пуцінскія банд-агрэсары — гэць з Украіны і прэч з Беларусі”. Ён прыйшоў да кінатэатра “Кастрычнік”, за што быў аштрафаваны на 15 базавых велічыняў.



Таксама суддзя Станіслаў Півавар прыняў рашэнне “…плакат і нацыянальны сцяг Украіны знішчыць”. Каб уратаваць дзяржаўны сімвал суседняе дзяржавы, актывісты звярнуліся ў суд з просьбай вярнуць сцяг яго ўладальніку. Але намеснік старшыні суда Васіль Петрыў адмовіў у гэтым. Ён патлумачыў, што "палотнішча, падобнае да сцяга Украіны, не адпавядае ўстаноўленым для яго прапорцыям".



Фота — svaboda.org