Украіна не хоча даваць беларусу Ігару Коктышу палітычны прытулак

Беларускаму грамадскаму актывісту і музыку Ігару Коктышу ў чарговы раз адмоўлена ў атрыманні палітычнага прытулку ва Ўкраіне. Адпаведнае рашэнне прыняў Дзяржаўны камітэт Украіны па справах нацыянальнасцяў і рэлігій. Гэта ўжо другая адмова. Як і ў першым выпадку, Ігар Коктыш збіраецца абскардзіць гэтае рашэнне.

У студзені 2001 года Ігара Коктыша абвінавацілі ў забойстве, нагадвае “Наша ніва”. Да суда ён правёў 9 месяцаў у Баранавіцкім СІЗА. Пазней ён заявіў пра катаванні ў турме. Баранавіцкі раённы суд прызнаў яго невінаватым, а Вярхоўны суд пакінуў вердыкт без зменаў.
 
Аднак Генпракуратура апратэставала гэтае рашэнне і накіравала справу на новы разгляд. Коктыш на той момант знаходзіўся ва Ўкраіне. У чэрвені 2007 года яго затрымалі і змясцілі ў Сімферопальскі СІЗА, дзе Ігар правёў 2,5 гады. Яго вызвалілі на патрабаванне Страсбургскага суда ў лютым 2010 года. Раней Міжнародная амністыя прызнала Коктыша вязнем сумлення, а Еўрапейскі суд забараніў Украіне выдаваць яго Беларусі.