Украіна атрымлівае ад Захаду адзінкі неабходнай артылерыі, а патрэбныя тысячы
Севераданецк / тэлеграм-канал Севераданецкай рады
Чаму гавораць пра перавагу Расіі на Данбасе і навошта Украіне тэрмінова патрэбная заходняя зброя? На гэтае пытанне ў эфіры ўкраінскага радыё "НВ" адказаў народны дэпутат Украіны, сябра камітэта па пытаннях нацыянальнай бяспекі і разведкі Сяргей Рахманін.
Коратка адказваем на пытанні, звязаныя з узбраеннем, якія маглі з'явіцца ў вас у апошнія дні.
Чаму ў Расіі перавага ў бітве за Данбас?
Расіяне павольна, але прасоўваюцца ў Данецкай і Луганскай абласцях, прызнае Рахманін. Прычына — у іх ёсць перавага ў артылерыі і боепрыпасах.
Гэта вайна артылерыі, разведкі і авіяцыі, у тым ліку беспілотнай, кажа дэпутат. Гэта значыць, што паспяховы той, у каго эфектыўна дзейнічае разведка і прытым ёсць дастатковая колькасць зброі, у першую чаргу — дальнабойнай і рэактыўных сістэм залпавага агню. Гаворка ідзе галоўным чынам пра артылерыю, якая можа біць на адлегласць ад 30 да 100 км.
— Украіна і Расія выкарыстоўваюць прыкладна адны і тыя ж артылерыйскія саставы. Расіяне, паводле афіцыйных дадзеных, знаходзяцца на першым месцы па колькасці такіх саставаў. Да пачатку вайны іх на балансе ў Расіі было больш за 3 тысячы. ЗША па колькасці такіх саставаў толькі на трэцім месцы ў свеце — там іх каля 1,3 тысячы. У нас да пачатку вайны было 490, — прыводзіць лічбы Рахманін.
І галоўнае: Расія — адзіная краіна ў свеце, якая ў вялікай колькасці можа вырабляць боекамплекты для самаходных артылерыйскіх установак і сістэм залпавага агню. Украіна такой вытворчасці не мае. У Кіева быў досыць абмежаваны запас боекамплектаў, і цяпер, у перыяд інтэнсіўных дзеянняў, ён вычэрпваецца.
— Краін, якія могуць паставіць нам гэтыя боепрыпасы, не так шмат. Усё, што прыходзіць, тут жа выкарыстоўваецца.
Інакш кажучы, у Расіі практычна неабмежаваны боекамплект. І за кошт таго, што лінія фронту стала шчыльнай, яны могуць забяспечыць сур'ёзную шчыльнасць агню. І таму атрымліваюць перавагу.
Але ж Захад дапамагае? Ці не?
— Так, мы атрымліваем пэўную колькасць заходняй зброі: ужо паставілі два тыпы 155-міліметровых гаўбіц і тры тыпы САУ [самаходная артылерыйская ўстаноўка — Еўрарадыё]. Але гаворка ідзе пра адзінкі, у крайнім выпадку — дзясяткі.
А патрэбныя тысячы, каб быў хаця б парытэт — не кажучы ўжо пра перавагу, кажа Рахманін.
— Мы павінныя атрымліваць тысячы. А не дзясяткі. Тым больш не адзінкі. Не трэба шукаць здрады — зразумела, што на адны краіны цісне Расія, на іншыя — грамадскае меркаванне ў гэтых краінах. Але ёсць і аб'ектыўныя фактары: колькасць гэтага ўзбраення не такая вялікая.
Колькасць тых жа ракет САУ ў большасці дзяржаў вымяраецца ўсяго толькі дзясяткамі і сотнямі.
— І тут кажуць: дайце Украіне. А краіна глядзіць на тое, колькі ў яе гэтых САУ, і думае: а раптам заўтра вайна ў нас? Я вам сур'ёзна кажу: гэта важкі аргумент для многіх дзяржаў, у іх абмежаваная колькасць САУ.
Ніхто не рыхтаваўся да вялікай вайны. Ні адна краіна NATO. Думак пра тое, што давядзецца выкарыстоўваць САУ, РСЗА або танкі, не было.