У выніку расійскіх удараў у Кіеве без святла засталіся 350 тысяч кватэр

Наступствы ранішняга ўдару ў Крыварожскай вобласці / unian.ua
Наступствы ранішняга ўдару ў Крыварожскай вобласці / unian.ua

У выніку удараў па аб'ектах крытычнай інфраструктуры частка Кіева аказалася абясточанай. Без святла засталося каля 350 тысяч кватэр. У некаторых раёнах няма і водазабеспячэння, піша мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко. Паводле яго слоў, энергетыкі ўжо працуюць.

Акрамя таго, ёсць інфармацыя пра пашкоджанні аб'ектаў крытычнай інфраструктуры і ў іншых рэгіёнах Украіны. Так, кіраўнік прарасійскага руху "Мы разам з Расіяй" Уладзімір Рогаў сцвярджае, што ў Запарожжы ёсць трапленне ў падстанцыю каля ДнепраГЭС.

Ёсць звесткі і пра выбухі ў раёне Новаднястроўскай ГЭС. Пад ударам быў і аб'ект крытычнай інфраструктуры ў Харкаве, зафіксаваныя два "прылёты". У Чарнавіцкай і Запарожскай абласцях таксама пашкоджаныя аб'екты крытычнай інфраструктуры. Энергетыкі ўжо папярэдзілі пра аварыйныя адключэнні сёння па краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.