У Севераданецку баі ідуць ужо ва ўсходніх кварталах горада — 99-я раніца вайны

Баі ў Севераданецку / @luhanskaVTSA
Баі ў Севераданецку / @luhanskaVTSA

У Беларусі ў памежных з Украінай раёнах ідзе "перааснашчэнне асобных падраздзяленняў Узброеных Сіл РБ сучаснымі ўзорамі ўзбраення і вайсковай тэхнікі", адзначаюць у Генштабе УСУ. Там кажуць пра тое, што пагроза ракетных і авіяцыйных удараў з беларускай тэрыторыі захоўваецца.

Асноўная ўвага прыкавана да Севераданецка. Напярэдадні вечарам кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай казаў, што акупавана ўжо каля 80% горада, уключаючы ўсходнія кварталы.

Баі ідуць і на іншых напрамках на ўсходзе Украіны. На Бахмуцкім — раіяне штурмавалі Камышаваху, спрабавалі ўзяць горад пад кантроль, "маюць частковы поспех, баі працягваюцца", адзначылі раніцай у Генштабе УСУ. Акрамя таго, расійскія падраздзяленні "вялі штурм у напрамках населеных пунктаў Нагорнае і Белагораўка", але сустрэлі супраціў і адышлі.

У Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны адзначаюць, што ў сераду расійскія войскі "паступова прасоўваліся на поўнач ад Славянска, але, верагодна, яшчэ не змаглі ўзяць пад кантроль дарогу на Славянск". Яны таксама "спрабуюць рушыць наперад да Лісічанска з поўдня і захаду, каб пазбегнуць неабходнасці змагацца праз раку Северскі Данец ў раёне Севераданецка, але пакуль маюць абмежаваныя поспехі".

У адказ на ўкраінскае контрнаступленне ў Херсонскай вобласці расіяне разбурылі масты праз раку Ігулец. Украінцы выкарыстоўвалі іх пры правядзенні контратак — стараліся падысці да населеных пунктаў на ўсходнім беразе ракі. Гэтыя мястэчкі знаходзяцца вельмі блізка да ключавой аўтамагістралі, якую расіяне выкарыстоўваюць для забеспячэння сваіх войскаў.

В Северодонецке бои идут уже в восточных кварталах города — 99-е утро войны
Становішча на фронце на 1 чэрвеня 2022 года / understandingwar.org

Вялікабрытанія ўслед за ЗША перадасць Украіне рэактыўныя сістэмы залпавага агню, здольныя паражаць цэлі на адлегласці да 80 кіламетраў. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на брытанскага міністра абароны Бэна Уолеса. Гаворка ідзе пра амерыканскія рэактыўныя сістэмы залпавага агню на гусенічнай базе M270 MLRS. У Лондане кажуць, што гэтыя сістэмы значна падвысяць магчымасці ўкраінскіх сіл.

Тым часам перададзеныя Украіне амерыканскія ракетныя сістэмы залпавага агню HIMARS ужо ў Еўропе, заявіў на брыфінгу ў Пентагоне намеснік міністра абароны ЗША па палітыцы Колін Каль. Паводле яго слоў, ЗША загадзя размясцілі сістэмы ў Еўропе і чакалі толькі рашэнні Байдэна аб адабрэнні іх перадачы Украіне. Гаўбіцы, якія ЗША раней перадала Кіеву, маюць далёкасць каля 30 км. HIMARS б'е на адлегласць больш чым у два разы большую. Гэта дазволіць украінскім вайскоўцам нават з меншай колькасцю сістэм аказаць больш эфектыўны супраціў, лічыць Каль. РСЗА перададуць Кіеву пасля таго, як навучаць абыходжанні з імі ўкраінскіх ваенных.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім традыцыйным звароце казаў пра людзей, якіх Расія вывозіць на сваю тэрыторыю. Перш за ўсё, пра дзецей. Па яго словах, ужо вывезена больш за 200 тысяч украінскіх дзяцей. Гэта і сіроты з дзіцячых дамоў. І дзеці з бацькамі. І дзеці, разлучаныя са сваімі сем'ямі.

"Мэта гэтай злачыннай палітыкі — не проста скрасці людзей, а зрабіць так, каб дэпартаваныя забыліся пра Украіну і не маглі вярнуцца", — мяркуе ўкраінскі прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што з пачатку вайны ва Украіне пацярпелі 689 дзяцей. "І гэта толькі тыя, пра каго мы ведаем. У нас пакуль няма ўсёй інфармацыі з тэрыторыі, якая цяпер застаецца акупаванай", — адзначыў Зяленскі. Але з таго, што вядома на сёння, — 446 дзяцей параненыя, 243 дзіцяці загінулі. Яшчэ 139 прапалі без вестак.

Уладзімір Зяленскі мінулай ноччу павіншаваў з перамогай зборную Украіны па футболе. Напярэдадні ў паўфінальным матчы адборачнага этапу чэмпіянату свету яна перайграла каманду Шатландыі з лікам 3:1.

"Мы ваюем усе, кожны на сваім фронце, менавіта за гэта. За наш сіне-жоўты сцяг, за наш герб на сэрцы, за "шчэ ня вмерла України...", якую не заглушыць. Ваюем, ваюем, выстаім, атрымаем перамогу. Таму што ўкраінцы!", — напісаў Зяленскі.

Матч праходзіў у шатландскім горадзе Глазга. Заўзятары падчас матчу скандавалі " ВСУ " — такім чынам яны вырашылі падтрымаць украінскае войска. Пра гэта распавядае "Громадське". У фінале ўкраінская зборная павінна правесці яшчэ адзін гасцявы матч з камандай Уэльса. Паядынак адбудзецца 5 чэрвеня. Фінальная стадыя чэмпіянату свету пройдзе з 21 лістапада па 18 снежня ў Катары.

Легенда сусветнага футбола Пеле ў сувязі з гульнёй ўкраінскай зборнай вырашыў выступіць з зваротам да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Ён заклікаў лідэра РФ спыніць агрэсію супраць Украіны.

"Я хачу выкарыстоўваць сённяшнюю гульню як магчымасць звярнуцца з просьбай: спыніць гэта ўварванне. Не існуе аргументаў, якія маглі б апраўдаць гвалт", напісаў футбаліст на сваёй старонцы ў Instagram.

Пеле і Пуцін сустракаліся ў Маскве ў 2017 годзе падчас Кубка канфедэрацый. Тады расійскі лідэр называў бразільскага футбаліста адным з сваіх любімых гульцоў. "Калі мы сустракаліся ў мінулым і абменьваліся ўсмешкамі, якія суправаджаюцца доўгім поціскам рукі, я ніколі не думаў, што аднойчы мы будзем так падзеленыя, як сёння", — адзначыў Пеле.

В Северодонецке бои идут уже в восточных кварталах города — 99-е утро войны
Уладзімір Пуцін і Пеле сустракаліся ў 2017 годзе / ТАСС

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.