У Польшчы беларусам стане складаней атрымаць гуманітарную візу

Цяпер, каб атрымаць гуманітарную візу, трэба даказаць, што ў РБ пагражаюць рэпрэсіі / pixabay.com
У Польшчы беларусам стане складаней атрымаць гуманітарную візу. Польскае МЗС пастрожыла падыходы да яе выдачы, піша Rzeczpospolita.
Выданне нагадвае, што візавая палёгка для беларусаў была ўведзена Польшчай восенню 2020-га. Яны падавалі мінімальную колькасць дакументаў і маглі спадзявацца на хуткі разгляд. Да таго ж візы былі бясплатныя.
Цяпер візавыя льготы для грамадзян Беларусі ўжо ў мінулым, адзначае Rzeczpospolita. Калі за апошнія чатыры гады гуманітарныя візы атрымалі больш за 53,5 тысячы беларусаў, дык у 2024-м толькі паўтысячы.
Новае кіраўніцтва МЗС Польшчы правяло аўдыт усіх візавых працэдур. Было выяўлена шмат злоўжыванняў пры выдачы рабочых, студэнцкіх, PBH (для рэлакацыі IT-спецыялістаў), а таксама гуманітарных віз, прызначаных для беларусаў. Летась колькасць выдачы польскіх віз ва ўсіх катэгорыях стала скарачацца.
У МЗС спасылаюцца на тое, што некаторыя беларусы выкарыстоўвалі гуманітарныя візы ў асноўным для падарожжаў па шэнгенскай зоне, для перамяшчэння паміж РБ і Польшчай. А яшчэ высветлілася, што механізм гуманітарных віз выкарыстоўваецца спецслужбамі Лукашэнкі.
Цяпер, каб атрымаць гуманітарную візу, трэба даказаць, што беларусу і яго бліжэйшым сваякам у РБ пагражаюць рэпрэсіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.