У Мінску затрымалі серыйнага выкрадальніка ровараў
Зламыснік прадстаўляўся "суседам, які забыўся ключы" / t.me/police_minsk/
У Мінску затрымалі серыйнага выкрадальніка ровараў. На рахунку 41-гадовага мужчыны 6 выпадкаў крадзяжоў, 4 ровары ўдалося знайсці, іх вернуць уладальнікам.
Як паведамляе мінская міліцыя, у адных выпадках зламыснік заходзіў у пад'езды жылых дамоў услед за жыхарамі, у іншых ён тэлефанаваў у дамафон і прадстаўляўся "суседам, які забыўся ключы". Патрапіўшы ў пад'езд, шукаў пакінутыя там ровары, якія забіраў. Іх мужчына прадаваў на адным з рынкаў ці здаваў у ламбарды. Грошы траціў на набыццё алкагольных напояў.