У Мінску бомж забіў пенсіянерку, у Міёрах на вуліцы зарэзалі мужчыну
У Мінску бомж да смерці збіў пенсіянерку. Здарэнне адбылося ў 84-м доме па вуліцы Кабушкіна. Там на лесвічнай пляцоўцы знайшлі труп жанчыны. Высветлілася, што напярэдадні яна была ў гасцях у адной з кватэр у беспрацоўнага мінчука. Там яна распівала алкагольныя напоі разам з яшчэ адным мінчуком, 1963 года нарадэння, які не мае сталага месца жыхарства. Паміж імі узнікла сварка, пасля — бойка. У выніку, жанчына атрымала чэрапна-мазгавую траўму і памерла. Падазраванага ў забойстве затрымалі, паведамляе прэс-служба МУС.
А ў Міёрах на Віцебшчыне проста на вуліцы зарэзалі 53-гадовага мужчыну. Здарэнне адбылося каля прахадной аўтапарку. Загінулы мужчына працаваў у ім кіроўцам. У забойстве падазраецца 25-гадовы беспрацоўны мясцовы жыхар. У момант здзяйснення злачынства ён быў п'яны. Прычынай стала асабістая непрыязнасць.