У Магілёве выклікалі ў міліцыю непаўнагадовую ўдзельніцу акцыі салідарнасці
Непаўнагадовую Ганну Шкадун выклікаюць на пасяджэнне камісіі па адміністрацыйных правапарушэннях Ленінcкага РАЎС г. Магілёва.
Пратакол з міліцыі аб адміністрацыйным правапарушэнні з нагоды яе ўдзелу ў магілёўскай акцыі Салідарнасці 16 студзеня прыйшоў у дэканат фізіка-матэматычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова.
Маці Ганны, грамадская актывістка Наталля Шкадун, адзначае, што ўчора ёй патэлефанавала куратарка групы, у якой вучыцца яе дачка і паведаміла, што на гэтае пасяджэнне запрашаюць прадстаўніка дэканата, куратара групы і яе дачку.
Наталля Шкадун мае засцярогу, што Ганну могуць паставіць на ўлік у камісіі па непаўнагадовых.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што гэта палітычны пераслед, бо ўжо мінуў двухмесячны тэрмін, калі можна было прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.