У Літве адзначаюць "як ніколі інтэнсіўную" дзейнасць беларускага КДБ
Вільня / pixabay.com
Беларускі КДБ актывізаваў сваю працу ў Літве, дзейнасць беларускіх спецслужбаў у краіне зрабілася як ніколі інтэнсіўнай, піша агенцтва BNS са спасылкай на кіраўніка літоўскага Дэпартамента дзяржбяспекі Дарыуса Яўнішкіса. Ён, у прыватнасці, заявіў, што ў Вільні бачаць актывізацыю дзейнасці "менавіта беларускага КДБ, якая сапраўды дасягнула гістарычных вышынь".
"Ніколі яна не была такой інтэнсіўнай", — сказаў Яўнішкіс. У Літве апошнім часам узмацнілася і расійская прапаганда. У пачатку вайны ва Украіне, калі Расія была ўпэўненая ў хуткай перамозе, яна трохі згарнула сваю працу ў Літве, "але цяпер мы адчуваем некаторую інтэнсіфікацыю", адзначыў Яўнішкіс. Ён таксама нагадаў, што апошнім часам у Літве пачасціліся ілжывыя паведамленні аб закладзенай выбухоўцы ў школах і іншых грамадскіх месцах. Гэта таксама інфармацыйныя атакі.
"Гэта інфармацыйныя аперацыі, накіраваныя на тое, каб нас заблытаць, каб мы пачалі падазраваць адно аднаго, каб мы пастаянна жылі ў гэтым пачуцці нявызначанасці, увесь час думаючы, што ўсё вельмі дрэнна. Мы гэта, без сумневу, бачым і канстатуем", — заявіў кіраўнік літоўскага Дэпартамента дзяржбяспекі.
Нагадаем, надоечы ў літоўскім Дэпартаменце міграцыі заявілі, што за апошні год 1644 беларусы былі прызнаныя пагрозай нацыянальнай бяспецы краіны. Сярод расіянаў такіх было 397 чалавек.