У Гродне прэзентавалі гістарычныя стравы горада (фотарэпартаж)

У панядзелак, 22 снежня, у Гродне ў антыкавярні "Жывы час" адбылася прэзентацыя гістарычных страваў горада. Гродзенскія пернік, тварожнік і пудынг, якія елі гараджане дзясяткі гадоў таму, прэзентавалі мясцовыя краязнаўцы і гісторыкі. Стравы можна было не толькі паспрабаваць, але і атрымаць унікальную паштоўку з іх рэцэптам.

Як распавяла гродзенскі гісторык Таццяна Касатая, усе гэтыя стравы здаўна былі традыцыйнымі ў рэгіёне. Рэцэпты давялося шукаць у інтэрнэце ці запісваць са слоў доўгажыхароў, а стравы на гэтай прэзентацыі прыгатавалі сваімі рукамі.

Напрыклад, пра напой “Бузу” гісторык даведалася ад журналісткі, якая пражыла ў Гродне шмат гадоў. Рабіўся ён з дрожджаў, аўсянкі і цукру ды настойваўся некалькі дзён. Прадавалі яго гадоў 70 таму на вуліцы Дамініканскай (цяпер Савецкай). Таксама сярод страваў быў і ўнікальны пернік, на які нанеслі адбітак казы ў гонар будучых Калядаў.

На сустрэчы прайшла і прэзентацыя паштовак з рэцэптамі гродзенскіх страваў. Па словах краязнаўцы Аляксандра Перагудава, іх наклад налічвае не больш за сто асобнікаў. Дарэчы, плануецца выпусціць яшчэ, бо на прэзентацыі іх усё раскупілі.