У Гомелі загінула шасцігадовая дзяўчынка — задыхнулася ў пральнай машыне
Пральная машына стаяла ў вітальні і выкарыстоўвалася як тумбачка / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Гомельскія следчыя высвятляюць абставіны гібелі шасцігадовай дзяўчынкі. Яе знайшлі без прыкмет жыцця ў барабане пральнай машыны. Падрабязнасці расказвае "Гомельская праўда".
Трагедыя адбылася яшчэ 4 сакавіка. Дзяўчынка была дома з маці. Паводле слоў жанчыны, яны леглі спаць. Затым яна прачнулася ад груку ў дзверы — гэта быў яе муж, які вярнуўся з працы. Дачкі побач не было.
Мужчына пацікавіўся, дзе дачка. Затым убачыў яе ў барабане пральнай машыны, якая стаяла ў вітальні і выкарыстоўвалася ў тым ліку як тумбачка. Калі дзяўчынку дасталі, яна была ўжо без прыкмет жыцця. Медыкі таксама не змаглі яе рэанімаваць.
Экспертыза паказала, што смерць дзіцяці наступіла ад асфіксіі. Ідзе даследчая праверка.