У Беларусі збіраюцца скараціць выкарыстанне замежных моў на шыльдах

Выкарыстанне замежнай мовы мінімізуюць і ў рэкламе тавараў

Выкарыстанне замежнай мовы мінімізуюць і ў рэкламе тавараў / t.me/mart_gov_by/

У Беларусі збіраюцца скараціць выкарыстанне замежных моў на шыльдах. З адпаведнымі рэкамендацыямі выступіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Чыноўнікі спасылаюцца на "Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады". Яна "рэалізуецца ў мэтах усебаковай падтрымкі развіцця культуры Рэспублікі Беларусь, забеспячэння культурнай бяспекі РБ, абароны нацыянальнай культурнай прасторы, захавання і зацвярджэння традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа, фарміравання патрыятычных перакананняў і грамадзянскай адказнасці, процідзеяння пагрозам нацыянальнай бяспекі ў інтарэсах беларускай дзяржавы, грамадства і грамадзян".

У якасці аднаго з механізмаў рэалізацыі згаданай канцэпцыі прадугледжана "скарачэнне выкарыстання замежных слоў, у тым ліку абрэвіятур, у назвах гандлёвых марак".

"У мэтах абароны нацыянальнай культуры нашай краіны, захавання і зацвярджэння традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа, уключаючы дзяржаўныя мовы, МАРГ настойліва рэкамендуе суб'ектам гаспадарання мінімізаваць выкарыстанне замежнай мовы ў назвах гандлёвых аб'ектаў, аб'ектаў абслугоўвання, а таксама ў рэкламе, у тым ліку рэкламе, планаванай да размяшчэння (распаўсюджвання) на шыльдах рэкламнага характару, на транспартных сродках", — паведамляе прэс-служба міністэрства.

У Беларусі збіраюцца скараціць выкарыстанне замежных моў на шыльдах
Ілюстрацыя ад МАРГ / t.me/mart_gov_by/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.