У Беларусі затрымалі расіяніна — прыехаў купляць машыну з фальшывымі доларамі
Дагэтуль у нашай краіне такіх якасных падробак не выяўлялі / sudexpert.gov.by
У Беларусі затрымалі расіяніна, які прыехаў купляць легкавы аўтамабіль з фальшывымі доларамі. Здарэнне адбылося ў адным з аддзяленняў банка ў Слоніме. Замежнік хацеў абмяняць 306 банкнот па 100 долараў на беларускія рублі, але яны ў касіра выклікалі сумнеў у сапраўднасці. Неўзабаве з'явіліся міліцыянеры.
Расіянін сцвярджаў, што ў яго сапраўдныя долары, іх ён нібыта набыў у банку ў РФ. І сапраўды ў яго знайшлі і не падробленыя долары на суму 39300. Падробленых грошай было $30600. Гэта засведчылі эксперты. Яны адзначылі іх высокую якасць. Дагэтуль такіх падробак у Беларусі не выяўлялі.
Замежнік стаў фігурантам крымінальнай справы.