У Баранавіцкім раёне замярзаюць дзеці-інваліды

"У групах, дзе нашы дзеці займаюцца і гуляюць, тэмпература днём вышэй 16-17 градусаў у апошнія два тыдні не ўздымаецца. Але ж нашы выхаванцы — дзеці-інваліды, яны не могуць шмат рухацца, каб хоць неяк сагрэцца", — распавялі Intex-press выхавацелі дома-інтэрната.

Па словах работнікаў інтэрната, 25 лютага ў некаторых групах было і зусім +13 градусаў, хоць паводле санітарных нормаў павінна быць +20-22.

Усяго ў інтэрнаце на дадзены момант знаходзіцца 220 дзяцей, 50 з якіх ляжачыя. Каб дзеці не мерзлі, іх апранаюць у кофты, курткі, а ў спальнях накрываюць дзвюма коўдрамі.

У кацельні пасёлка, якая знаходзіцца ў 50 метрах ад дома інтэрната, падзенне тэмпературы растлумачыць не змаглі. Па словах качагараў, топяць яны торфам і дровамі, паліва прывозяць дастаткова.