У Баранавічах судзілі падлетка, які спаліў вянкі ў Вечным агні
Падлеткі кінулі ў Вечны агонь вянкі, якія стаялі ля помніка / "Наш край"
У Баранавічах на год "хатняй хіміі" асудзілі 14-гадовага падлетка. Яго судзілі па двух артыкулах, "хуліганства" і "ўгон транспартнага сродку", паведамляе выданне "Наш край". Пасяджэнне суда адбылося напярэдадні.
Гісторыя, якая паслужыла падставай для крымінальнай справы, адбылася 18 кастрычніка 2021 года. Падлеткі спачатку кінулі ў Вечны агонь вянкі, што стаялі ля помніка воінам і партызанам, якія вызвалялі Баранавічы ў Другую сусветную вайну. А затым яны паспрабавалі пакатацца на пагрузчыку, які знайшлі на стадыёне "Лакаматыў". На стадыёне ў той час ішла рэканструкцыя.
Падлеткі завялі адзін з пагрузчыкаў, але не справіліся з кіраваннем. У выніку пашкодзілі і транспартны сродак, і будматэрыялы, якія былі на стадыёне.
Другому падлетку, які ўдзельнічаў ва ўсіх гэтых актыўнасцях, на той момант не было 13 гадоў. Яго да крымінальнай адказнасьці не прыцягвалі.
Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.