У Бабруйску машыністы цеплавозаў на хаду прадавалі зэканомленае паліва
У бязлюдным месцы на цеплавоз залазіў чалавек з каністрамі / @skgovby
Машыністы цеплавозаў з Бабруйска разам з мясцовымі жыхарамі за год змаглі выкрасці 12,5 тоны дызпаліва, прычым яго злівалі проста на хаду. У схеме былі задзейнічаныя шэсць машыністаў цеплавоза і іх памочнікі, а таксама пяць жыхароў пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці.
Паводле звестак СК, машыністы эканомілі паліва, "умешваліся ў механізмы прыбораў бяспекі для штучнага завышэння часу вытворчасці манеўровай працы, упісвалі ва ўліковыя дакументы недакладныя звесткі пра расход паліва". А затым іх саўдзельнікі — жыхары Акцябрскага — "пад'язджалі на аўтамабілі ў загадзя дамоўленае месца". Адзін з іх падсаджваўся на цеплавоз, на хаду зліваў паліва ў каністры і скідаў іх на зямлю. Каністры збіралі і везлі ў пасёлак. Там паліва перапрадавалі знаёмым.
Лакаматыўная брыгада атрымлівала грошы за кожны зліты літр. 20 літраў бясплатна забіралі саўдзельнікі — гэта была, паводле дамоўленасці, іх доля. У выніку з ліпеня 2021 года да сакавіка 2022 года такім чынам было здабыта больш за 12,5 тоны дызельнага паліва на суму звыш 29 тысяч рублёў.
У справе цяпер 8 абвінавачаных, кажуць у СК. Аднаго з фігурантаў вызвалілі ад прыцягнення да крымінальнай адказнасці ў сувязі з амністыяй, другога прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Яшчэ адзін паспеў з'ехаць за мяжу. У СК таксама адзначылі, што на стадыі папярэдняга расследавання абвінавачаныя часткова пакрылі шкоду, выплацілі больш за 19 тысяч рублёў. На іх маёмасць накладзены арышт на агульную суму больш за 100 тысяч рублёў.