Трамп і Пуцін дамовіліся неадкладна пачаць перамовы аб спыненні вайны ва Украіне

Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін / AFP
Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін дамовіліся неадкладна пачаць на Блізкім Усходзе перамовы аб спыненні вайны ва Украіне. Ствараюцца амерыканская і расійская экспертныя групы. У аўторак адбылася тэлефонная размова прэзідэнта ЗША і кіраўніка Расіі, якая працягвалася амаль 2,5 гадзіны. Галоўнай тэмай была Украіна. Пра вынікі размовы распавялі ў Крамлі і Белым доме.
Па расійскай версіі, Пуцін акрэсліў "шэраг істотных момантаў" з ініцыятывы Трампа аб 30-дзённым перамір'і (кантроль за спыненнем агню, спыненне "прымусовай мабілізацыі" ва УСУ і пераўзбраення ўкраінскага войска), звязаных "з недагавораздольнасцю Кіева". Ключавая ўмова Масквы — поўнае спыненне замежнай вайсковай дапамогі і надання выведданых Украіне. Уладзімір Пуцін "станоўча адгукнуўся на ініцыятыву аб узаемнай адмове бакоў канфлікту ва Украіне ад удараў на 30 дзён па энергаінфраструктуры" (і нібыта ўжо даў адпаведную каманду вайскоўцам).
"Рух да міру пачнецца з энергетычнага і інфраструктурнага спынення агню, гэтак жа як з тэхнічных перамоваў аб устанаўленні марскога перамір'я ў Чорным моры, поўнага перамір'я і пастаяннага міру", — гаворыцца ў паведамленні Белага дома.
Стала вядома пра запланаваны на 19 сакавіка абмен ваеннапалоннымі паміж РФ і Украінай: 175 на 175 чалавек. Таксама Расія перадае 23 цяжкапараненых вайскоўцаў "у якасці жэсту добрай волі".
Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін пагаварылі і пра паляпшэнне дачыненняў ЗША і Расіі, пра перспектывы супрацы ў эканоміцы і энергетыцы. Трамп падтрымаў ідэю Пуціна арганізаваць хакейныя матчы ў ЗША і Расіі паміж гульцамі, якія выступаюць у НХЛ і КХЛ.
Кіраўнікі ЗША і Расіі пагадзіліся, што "Іран ніколі не павінен атрымаць магчымасць знішчыць Ізраіль", паведамілі ў Белым доме.
"Мая сённяшняя тэлефонная размова з прэзідэнтам Расіі Пуціным была вельмі добрай і прадуктыўнай, — пазней пракаментаваў Дональд Трамп. — Мы дамовіліся аб неадкладным спыненні агню па ўсёй энергетыцы і інфраструктуры, пры тым разуменні, што мы будзем хутка працаваць над тым, каб мець поўнае спыненне агню і, у канчатковым выніку, КАНЕЦ гэтай жудаснай вайны паміж Расіяй і Украінай".
У бліжэйшы час прэзідэнт ЗША паведаміць украінскаму прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму пра змест перамоваў з Пуціным. Як бачым, гаворка ідзе толькі пра частковае спыненне агню. Расійскі кіраўнік выставіў шэраг ўмоў і не ідзе на саступкі.
Украіна падтрымае прапанову спыніць удары па энергетычнай інфраструктуры, заявіў украінскі прэзідэнт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.