Сёння ў Беларусі праходзіць "адзіны дзень галасавання"
Дзень "выбараў" / TASS
Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў 8.00 і будуць працаваць да 20.00. Аднак фактычна выбары пачаліся яшчэ ў аўторак. Учора Цэнтрвыбаркам падвёў вынікі датэрміновага галасавання.
Паводле дадзеных чыноўнікаў, у Беларусі ўжо прагаласавала амаль 42% выбаршчыкаў ці 2,88 млн чалавек. Самая высокая яўка — у Гомельскай (49,93%) і Магілёўскай (49,43%) абласцях. Далей ідуць Брэсцкая вобласць (44,72%), Віцебская (41,71%) Мінская (40,47%), і Гродзенская (39,98%). У Мінску, паводле інфармацыі ЦВК, датэрмінова прагаласавалі 30,07% выбаршчыкаў.
Адзначым, што сёлета парог яўкі на парламенцкія выбары адменены. Раней ён складаў 50%, і зараз колькі б людзей ні прыйшло на ўчасткі, выбары адбудуцца ў любым выпадку. У выбараў у мясцовыя Саветы парога яўкі не было і раней.
ДзяржСМІ паведамляюць, што за выбарамі сочаць амаль 14 тысяч назіральнікаў, аднак незалежных назіральнікаў ні ад грамадскіх арганізацый, ні ад палітычных партыяў ці груп грамадзян, ні ад АБСЕ, на ўчастках няма.