Сёлета Беларусь пералічыла ў бюджэт Расіі 1,77 млрд долараў
Гаворка ідзе пра нафтапошліны.
Беларусь пералічвае ў расійскі бюджэт вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты, якія экспартуюцца за межы Мытнага саюза. У 2013 годзе Беларусь перадала ў расійскі бюджэт 3,3 млрд долараў. Паводле ацэнак эканамістаў Сусветнага банка, пералічэнне Беларуссю нафтапошлін адмоўна ўплывае на стан плацежнага балансу нашай краіны.
Як інфармуе БелаПАН, найбольш было пералічана ў расійскі бюджэт у студзені — амаль 307 млн долараў.
У траўні сёлета Масква і Мінск дамовіліся, што беларускі бок зможа з 2015 года пакідаць у сваім бюджэце штомесяц нафтапошлін на 125 мільёнаў долараў. Такім чынам, за год бюджэт Беларусі атрымае дадаткова 1,5 млрд долараў.
Фота — Fotolia