Сям'я "шэрых рыэлтараў" падманула як мінімум 11 жыхароў Мінска
"Рыэлтары" абяцалі дапамагчы з продажам праблемных метраў і з набыццём наўзамен жылля меншай плошчы / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Як мінімум 11 жыхароў Мінска за 10 гадоў падманула сям'я "шэрых рыэлтараў", паведамляе Следчы камітэт Беларусі. У злачынную групу ўваходзілі двое братоў (50-ці і 54-х гадоў) і сыны аднаго з іх.
Мужчыны знаходзілі аматараў выпіць, у якіх было ва ўласнасці жыллё, і прапаноўвалі здзелку. У СК кажуць, што часцей за ўсё кватэры былі ў жудасным стане, і за імі лічыліся вялікія даўгі па камунальных плацяжах. "Рыэлтары" прапаноўвалі ўладальнікам сталічных кватэр вырашыць праблему: дапамагчы з продажам праблемных метраў і з набыццём наўзамен жылля меншай плошчы. Розніцу прапаноўвалі выдаткаваць на аплату даўгоў па камуналцы, а тое, што застанецца, аддаць на рукі. Некаторы час пасля здзелкі "рыэлтары" яшчэ падтрымлівалі сувязь са сваімі "кліентамі", перадавалі ім алкаголь, а потым знікалі.
У СК кажуць, што "атрыманыя грошы фігуранты прысвойвалі сабе, наўзамен яны набывалі пацярпелым непрыдатнае для пражывання жыллё ў сельскай мясцовасці".
Незаконная выручка ад такіх "здзелак", палічылі следчыя, склала больш за 670 тысяч рублёў. Супраць мужчын распачалі крымінальную справу па артыкуле "Махлярства". Яны затрыманыя.