Супраць палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк пачалі новую крымінальную справу

Паліна Шарэнда-Панасюк / facebook.com/Andrei.Sharenda
Супраць палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк распачалі новую крымінальную справу за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы", паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на мужа Паліны Андрэя Шарэнду.
Гэта "той самы артыкул, па якім вязня за кратамі можна трымаць бясконца доўга", — напісаў Андрэй у Facebook. Ён таксама адзначыў, што "адказным за чарговы ціск на Паліну з'яўляецца начальнік Гомельскай калоніі падпалкоўнік Талсцянкоў Дзяніс Анатольевіч".
Санкцыя паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) прадугледжвае да двух гадоў зняволення.
Нагадаем, у чэрвені 2021 года Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Яе абвінавачвалі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, абраза прэзідэнта і абраза прадстаўніка ўлады. Пацярпелымі па справе праходзіла 7 сілавікоў.
Сцвярджалася, што Шарэнда-Панасюк падчас агляду ў яе кватэры плюнула на аднаго з міліцыянераў і ўдарыла яго, з іншага сарвала маску, а астатніх сілавікоў (і кіраўніка дзяржавы) нібыта абражала.
У судзе жанчына не прызнала віну — яна заявіла, што не лічыць тое, што адбываецца, судом, таму што "палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом не маюць".
У Паліны Шарэнды-Панасюк двое непаўналетніх дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.