Супраць гаспадара агрэсіўнага мастыфа з Барысава распачалі крымінальную справу
Тыбецкі мастыф / sk.gov.by
Гаспадар агрэсіўнага мастыфа з Барысава стаў фігурантам крымінальнай справы "аб нанясенні менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці" (арт. 155 КК РБ). Пра гэта расказалі ў Следчым камітэце.
Інцыдэнт адбыўся ў траўні. Сабака пароды "тыбецкі мастыф" пакусаў шасцярых мінакоў. "Хтосьці з іх ішоў пешшу, хтосьці — перамяшчаўся на веласіпедзе. Пацярпелі тры жанчыны і трое мужчынаў, кожнаму спатрэбілася медыцынская дапамога", расказалі ў СК.
Жанчынам прыйшлося затрымацца ў бальніцы, іх шпіталізавалі. Адну з іх наогул даставілі ў рэанімацыю. Пазней экспертыза палічыла, што пацярпелым жанчынам былі нанесеныя "менш цяжкія цялесныя пашкоджанні па прыкмеце: доўгатэрміновы разлад здароўя тэрмінам не больш за чатыры месяцы".
Следства выявіла, што сабака належыць 57-гадоваму жыхару Барысава. У яго два мастыфы. У той дзень ён выпусціў іх з вальера ў двор і паехаў па справах. Адзін з сабакаў здолеў уцячы з двара і пачаў нападаць на мінакоў. З мужчыны ўзялі падпіску аб нявыездзе. Следчыя таксама высветлілі, што летась мужчыну двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў утрымання жывёл, якое пацягнула прычыненне шкоды здароўю людзей.