Страшнае слова "клімакс". Як перажыць гэты перыяд і чаму гэта не канец жыцця

Мінск падчас свята горада / Еўрарадыё
Уявіце, што ваша цела і настрой раптам мяняюцца, вас пастаянна ліхаманіць, зніжаецца лібіда. Менструацыя то знікае, то вяртаецца. Сяброўкі ці мама ставяць дыягназ "клімакс" і раяць "пацярпець", таму што "старэць — гэта натуральна".
Што сапраўды адбываецца ў гэты перыяд, як гэта ўплывае на здароўе і што дапамагае пазбегнуць непрыемных сімптомаў — піша hromadske.
Клімакс ≠ менапаўза
"Клімакс" і "менапаўза" — не сінонімы, як часта лічыцца. Клімактэрычны перыяд (ён жа "клімакс") ахоплівае ўвесь этап ад першых парушэнняў цыклу на фоне ўзроставых змяненняў да пачатку жыцця пасля менапаўзы. На медычнай мове гэта гучыць так: перыменапаўза, уласна менапаўза і постменапаўза.
Перыменапаўза — гэта перыяд, які працягваецца ад першых гарманальных зменаў у жанчыны да пачатку менапаўзы. Першыя "званочкі" звычайна выяўляюцца ў парушэнні менструальнага цыклу і зменах настрою.
"Гэта могуць быць альбо рэгулярныя затрымкі менструацыі, альбо, наадварот, цыкл становіцца нерэгулярным, і менструацыя можа быць некалькі разоў на тыдзень. Таксама можа рэзка змяняцца эмацыйны фон, і жанчына не можа растлумачыць гэта якімі-небудзь іншымі фактарамі. Праз некалькі хвілін магчымыя змены ў настроі — ад радасці і да агрэсіі. Такія вось "эмацыйныя арэлі"", — тлумачыць Алэна Арэндар, доктарка-гінеколаг прыватнай практыкі.
Яшчэ адзін непрыемны прыкмета перыменапаўзы — набор вагі. Нават калі жанчына працягвае свой звыклы лад жыцця, рацыянальна сілкуецца, мае фізічную актыўнасць — вага расце. Гэта адбываецца праз недахоп эстрагенаў — палавых гармонаў жанчыны.
Згаданыя сімптомы — самыя распаўсюджаныя, хоць агулам іх больш за сотню. Часта жанчыны пачынаюць "падарожжа" па розных лекарах, каб зразумець, што з імі адбываецца, і нарэшце аказваюцца ў крэсле ў гінеколага, які вызначае пачатак перыменапаўзы.

"Аднойчы да мяне мужчына прывёў жанчыну ва ўзросце 46-47 гадоў. Праз глыбокую дэпрэсію і суіцыдальныя спробы яна доўгі час праходзіла псіхіятрычнае лячэнне, прымала антыдэпрэсанты і псіхалітыкі. І паўтара-два гады гэта не давала эфекту. І аднойчы ёй псіхіятр параіў звярнуцца да гінеколага", — распавядае Алэна Арэндар.
Пасля правядзення абследаванняў гінеколаг прыйшла да высновы, што ў пацыенткі знізіўся ўзровень эстрагенаў, і гэта так моцна на яе паўплывала. Яе рэцэптары былі вельмі адчувальныя да змены колькасці палавых гармонаў. Жанчыне прызначылі замяшчальную гарманальную тэрапію (ЗГТ) — гэта значыць штучна дадалі эстрагенаў арганізму. Праз тры месяцы яе было не пазнаць. Яна стала жыццярадаснай, вярнулася да звыклага рытму жыцця. Расказала, што спыніла прыём антыдэпрэсантаў, пакінуўшы толькі ЗГТ.
"Часам сімптомы могуць моцна маскіравацца. Мы можам нават і не падумаць пра тое, што некаторыя змены ў нашым арганізме — гэта прыкметы перыменапаўзы", — кажа Алэна Арэндар.

"Канец жыцця"
Перыменапаўза розніцца ў жанчын не толькі сімптомамі, але і тэрмінам — яна можа доўжыцца ад 2 да 10 гадоў. Калі ж у жанчыны 12 месяцаў не было менструацыі, гінеколаг назаве гэта менапаўзай. Такім чынам пачынаецца перыяд постменапаўзы, калі арганізм адаптуецца да жыцця пры нізкім узроўні выпрацоўкі эстрагену.
"Гэта жах, канец жыцця", "больш не будзе ніякай сэксуальнай актыўнасці" — такія тэзісы да гэтага часу можна пачуць пра менапаўзу. Гэты перыяд часта ўспрымаецца як мяжа паміж маладосцю і старасцю. Гэтая тэза негатыўна ўплывае на жанчын правакуючы страту пачуцця сацыяльнай значнасці і ўласна жаноцкасці.
Без перабольшання гэта сапраўды цяжкі перыяд. Ён суправаджаецца сур'ёзнымі гарманальнымі і фізіялагічнымі зменамі. Магчымыя частыя гарачкі, павышанае потавылучэнне, сухасць скуры і слізістых, памяншэнне шчыльнасці касцей (рызыка астэапарозу), запаволенне метабалізму, што таксама можа прыводзіць да набору вагі. Да гэтага часта дадаюцца змены ў сэксуальным жыцці: зніжэнне лібіда, дыскамфорт падчас палавога акту праз сухасць слізістых.
Наганяюць і псіхаэмацыйныя змены — раздражняльнасць, трывожнасць, парушэнне сну, зніжэнне канцэнтрацыі ўвагі, перапады настрою, у некаторых выпадках і дэпрэсіўныя станы.
Прыблізна 70% жанчын адчуваюць псіхаэмацыйныя змены ў перыяд перыменапаўзы і менапаўзы, гаворыцца ў даследаванні амерыканскіх навукоўцаў. Яны звязваюць гэта з тым, што эстрагенавыя рэцэптары знаходзяцца на розных участках мозгу, якія рэгулююць настрой і кагнітыўныя функцыі.
"Звычайна на гэты перыяд жыцця жанчыны прыпадаюць і іншыя выклікі, напрыклад сталенне дзяцей, патрэба догляду за пажылымі бацькамі, кар'ерныя змены. І гэта ўсё можа быць дадатковымі стрэсавымі фактарамі да зменаў, якія адбываюцца са знешнасцю, целам і фізіялогіяй. Гэта пэўны часовы крызіс у жыцці жанчыны, з якім часта самастойна цяжка справіцца", — кажа Беата Надзь, доктарка-псіхіятр.

Псіхалагічна цяжэй за ўсё жанчынам, у якіх на працягу жыцця была дэпрэсія ці трывожны разлад, кажа Беата Надзь. Маўляў, ёсць доказныя дадзеныя аб тым, што ў такіх жанчын прыблізна ў 2-4 разы павышаюцца рызыкі паўтарэння або абвастрэння такога стану ў перыменапаўзальным перыядзе.
У наш час ужо не трэба мучыцца
"У мяне так было, пацярпі", — прыкладна такія фразы часта можна пачуць ад старэйшага пакалення, якое лячыла ўсе хваробы адварамі траў і прыкладвала на галаву капуснае лісце. Насамрэч прайсці перыяд менапаўзы можна камфортна, без непрыемных сімптомаў і з усведамленнем таго, што з табой адбываецца.
Менапаўза — гэта завяршэнне рэпрадуктыўнага ўзросту, а не канец паўнавартаснага жыцця, нагадвае экспертка. Гэта час новых пачынанняў і магчымасцяў. Да таго ж для некаторых жанчын гарманальныя змены, якія адбываюцца падчас менапаўзы, могуць пайсці на карысць. Гаворка пра тых, хто мае багатыя або балючыя менструацыі, ці тых, хто церпіць ад перадменструальнага сіндрому.
"Вельмі важна ўсведамляць тое, што цябе чакае ў будучыні. Лепш яшчэ да 40 гадоў вывучаць гэтую тэму. Зараз, на шчасце, ёсць шмат кніг па тэме жаночага здароўя, ёсць вэбінары, відэа ад шматлікіх экспертаў. Варта чытаць, дазнавацца пра гэта, каб менапаўза не была халодным душам на галаву і неразуменнем кшталту "Што са мной цяпер адбываецца? Чаму я стала больш раздражнёная? Што гэта за гарачкі?". Рыхтавацца трэба загадзя, а не ў момант наступлення першых "званочкаў"", — тлумачыць Беата Надзь.
Прайсці менапаўзу з меншымі наступствамі дапаможа здаровы лад жыцця — збалансаванае харчаванне, здаровы сон, фізічная актыўнасць і прыём вітамінаў, якія адсутнічаюць у арганізме. А псіхаадукацыйныя кансультацыі дапамогуць прадухіліць з'яўленне трывожных разладаў.
У выпадку першых прыкмет перыменапаўзы варта адразу звяртацца да гінеколага. Пры неабходнасці ён можа прызначыць замяшчальную гарманальную тэрапію (ЗГТ), здольную пераадолець непрыемныя сімптомы, якія ўзнікаюць у гэты перыяд. На практыцы гэта азначае рэгулярны прыём таблетак, якія дадаюць арганізму эстраген, якога жанчыне ўжо не хапае, таму што яечнікі не здольныя яго выпрацаваць. Яшчэ адна мэта замяшчальнай тэрапіі — прафілактыка сімптомаў, якія будуць узнікаць праз некалькі гадоў.
"Цяпер грамадства становіцца больш дасведчаным. Калі раней пра ЗГТ казалі "Божа, памілуй. Доктар, дайце мне якую-небудзь траўку", то цяпер многія жанчыны ўжо прыходзяць з запытам менавіта на гэтую тэрапію. Гэта значыць змены ўспрыняцця, калі параўнаць з тым, што было 10-20 гадоў таму, адбыліся кардынальныя", — кажа гінекалагіня Алена Арэндар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.