Стэфановіч: "Грамадства пазбаўляюць ад абароны сумленнымі адвакатамі"
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч пракаментаваў выключэнне адваката Паўла Сапелкі з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.
"Якімі б юрыдычнымі абгрунтаваннямі гэта не прыкрывалі, на мой погляд, прычыны ляжаць на паверхні, - гаворыць Стэфановіч, - Пазбаўленне Паўла Сапелкі права працаваць далей – гэта працяг ціску на адвакатаў, які мы назіралі раней. Маю на ўвазе і першую спробу выключыць спадара Сапелку з калегіі, калі было першае прадпісанне Мінюста, але калегія не пайшла на гэта". На думку праваабаронцы, ранейшае пазбаўленне чатырох адвакатаў ліцэнзіі -гэта падзеі з аднаго шэрагу.
Стэфановіч адзначае, што лічыць вельмі прыкрым той факт, што Сапелку выключылі са сваіх шэрагаў менавіта сябры калегіі. "Прыкра, што пад дудку КДБ і Мінюста цяпер пачалі плясаць у тым ліку і органы адвакацкага самакіравання. Такім чынам усё грамадства пазбаўляюць ад абароны прафесійнымі і сумленнымі адвакатамі", - заявіў праваабаронца, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".