Стаў вядомы лонг-ліст літаратурнай прэміі Гедройца

Журы літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца вызначыла лонг-ліст прэтэндэнтаў на ўзнагароду. У даўгі спіс увайшло 12 кніг. Гэта:

“Настальгія” Сяргея Абламейкі,
“Жанчына і леапард” Таццяны Барысік,
“Дзеці Аліндаркі” Альгерда Бахарэвіча,
“Ян Ялмужна” Антона Францішака Брыля,
“Шэптам” Віталя Воранава,
“Кніга зданяў” Андрэя Гуцава,
“Сіні карабель у блакітным моры плыве” Сяргея Дубаўца,
“Час збіраць косці” Віктара Казько,
“Мова” Віктара Марціновіча,
“Авантуры студыёзуса Вырвіча” Людмілы Рублеўскай,
“Брамнік заўжды самотны” Юрыя Станкевіча,
“Дэгенератыўны слоўнік” Сяргея Прылуцкага (пад псеўданімам Пістончык).

На аснове гэтага спісу журы прэміі ў красавіку вызначыць шорт-ліст — шасцёрку прэтэндэнтаў на атрыманне прэміі Гедройца. Пераможца прэміі будзе вызначаны ў сярэдзіне траўня.

Усяго сёлета на конкурс даслалі 63 літаратурныя працы, з якіх журы выбрала 42 творы, якія склалі поўны спіс.

Сёлета ў склад журы ўвайшлі празаікі Уладзімір Арлоў і Ігар Бабкоў, перакладчыцы Малгажата Бухалік і Ганна Янкута, літаратуразнаўцы Ганна Кісліцына і Ціхан Чарнякевіч, літаратар і мастак Адам Глобус, празаік Андрэй Федарэнка.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца была заснаваная 28 снежня 2011 года. Яна прысуджаецца за лепшую кнігу прозы, выдадзеную (у папяровым ці электронным варыянце) ў папярэднім годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі. Заснавальнікамі выступілі пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

У 2012 годзе пераможцам прэміі стаў Павел Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”, у 2013-м — Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”, у 2014-м — Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка. Тры гісторыі”.