Старшыня Ваўкавыскага райвыканкама прызнаў, што людзі не чытаюць прапаганду
Нарада ў Ваўкавыскім райвыканкаме / volkovysknews.by
На пашыраным пасяджэнні Ваўкавыскага райвыканкама пад кіраўніцтвам яго старшыні, члена Савета Рэспублікі Дзмітрыя Захарчука разглядаліся "планавыя пытанні". У прыватнасці, гаварылі пра звароты грамадзян. Захарчук, аналізуючы працу з імі, прыйшоў да сумнай для цяперашняй улады высновы.
"Людзі павінны ведаць аб планах па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку, аб тым, што ў прынцыпе робіцца ў горадзе і раёне, — гаварыў на нарадзе старшыня райвыканкама. — А так атрымліваецца: інфармацыя ў СМІ і сацыяльных сетках публікуецца, а пытанні на гэтыя тэмы на прыёмах і на сустрэчах з працоўнымі калектывамі людзі задаюць. Значыць, не чытаюць ні газету, ні інтэрнэт?".
Было вырашана зрабіць "сур'ёзныя высновы". Якім чынам чыноўнікі збіраюцца заахвоціць людзей чытаць прапаганду, невядома.