Стала вядомая прычына смерці мужчыны на катку ў Мінску
Каток, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Прычынай смерці мужчыны на катку каля Нямігі ў Мінску стала ішэмічная хвароба сэрца. Пра гэта журналістам "Анлайнера" расказалі ў кіраўніцтве кампаніі "Супрым Ф1", да якой належыць каток.
Гаворка ідзе пра 38-гадовага мужчыну, які раней стаяў на ўліку ў наркалагічным дыспансеры.
"Ад 2 снежня ён лячыўся ад атручвання алкаголем. За пяць дзён да здарэння ён выйшаў з лякарні. Ускрыццё паказала ішэмічную хваробу сэрца, ніякіх траўмаў выяўлена не было. Ішэмія ў яго пачалася за пяць гадзін да таго, што здарылася. Падчас выхаду на лёд мужчына быў цвярозы", — падзяліўся падрабязнасцямі дырэктар кампаніі.
У кампаніі "Супрым Ф1" рэкамендавалі людзям, асабліва ў перыяд навагодніх святаў, звяртаць увагу на свой стан і ні ў якім разе не ўжываць алкаголь перад выхадам на лёд.
Як расказвала Еўрарадыё, трагічны інцыдэнт здарыўся ўвечары 21 снежня ў Мінску на адкрытым катку на Нямізе ("F-1 Каток"). Падчас масавых катанняў аднаму з наведвальнікаў стала дрэнна. Брыгада хуткай дапамогі, якая прыехала на выклік, больш за 50 хвілін спрабавала рэанімаваць мужчыну, але выратаваць яму жыццё не ўдалося.