Спачатку трэба вырашыць палітычныя пытанні — бізнес аб перспектывах эканомікі РБ

Для паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі трэба вырашыць палітычны крызіс / myfin.by
Большасць прадстаўнікоў беларускага бізнесу лічыць, што для вырашэння эканамічных праблем трэба спачатку ўрэгуляваць палітычны крызіс. Пра гэта сведчаць вынікі апытання прадпрымальнікаў, праведзенага групай кампаній SATIO пры падтрымцы клуба "Пра бізнес". Вынікі даследавання публікуе агенцтва БелаПАН.
У апытанні ўдзельнічалі ўласнікі, дырэктары і топ-менеджары 420 выпадкова адабраных кампаній з розных сфер дзейнасці. Большасць кампаній, якія трапілі ў выбарку (87%), — прыватныя, астатнія — дзяржаўныя. Каля паловы (44%) працуюць у Мінску і сталічным рэгіёне, яшчэ 14% — у абласных цэнтрах, астатнія — у раёнах розных абласцей.
Як "дрэннае" ацанілі эканамічнае становішча ў краіне 69% рэспандэнтаў. Чвэрць сказалі, што становішча спраў у эканоміцы "ні дрэннае, ні добрае", 6% лічаць, што "добрае".
Пры гэтым 73% рэспандэнтаў лічаць, што эканамічнае становішча ў бліжэйшыя некалькі месяцаў пагоршыцца, 9% спадзяюцца на паляпшэнне, астатнія ўпэўненыя ў адсутнасці якіх-небудзь змяненняў.
Пры гэтым для паляпшэння сітуацыі і развіцця эканомікі, перш за ўсё, неабходна ўрэгуляванне палітычнага крызісу. Так лічаць 46% рэспандэнтаў, і гэта самы папулярны адказ. Яшчэ 13% назвалі сярод неабходных крокаў для паляпшэння сітуацыі дыялог з грамадствам або апазіцыяй. 11% прадпрымальнікаў падкрэслілі важнасць вяртання ў прававое поле і спынення рэпрэсій, 15% — правядзенне рынкавых рэформ.
Пры гэтым траціна апытаных лічыць, што калі палітычных крызіс будзе ў бліжэйшы час пераадолены, то беларуская эканоміка зможа аднавіцца ўжо ў 2022 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.