SMS-паведамленне не заменіць позву ў ваенкамат
"З'яўляецца дадатковай крыніцай апавяшчэння ваеннаабавязаных" / pixabay.com
У Беларусі SMS-паведамленне не заменіць позву ў ваенкамат. Яно будзе абавязковым толькі ў ваенны час. Пра гэта падчас выступу ў Палаце прадстаўнікоў заявіў начальнік Генеральнага штаба, першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Віктар Гулевіч. Паводле яго слоў, SMS-паведамленне, атрыманае беларусам у мірны час, "з'яўляецца дадатковай крыніцай апавяшчэння ваеннаабавязаных аб неабходнасці з'явіцца ў ваенны камісарыят для прыняцця ўдзелу ў адпаведных мерапрыемствах".
У такім паведамленні будзе інфармацыя пра адпраўніка, час і адрас, куды неабходна з'явіцца ваеннаабавязанаму. Закон прадугледжвае абавязак ваеннаабавязаных на працягу тыдня паведаміць у ваенкамат аб змене нумара мабільнага тэлефона, інакш ім пагражае адміністрацыйная адказнасць.
Гулевіч каментаваў праект закона "Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі".