Што для Віктара Бабарыкі азначае “застацца без адваката”?

Для адвакатаў праца над справай Віктара Бабарыкі не скончаная. Таму пазбаўленне ліцэнзіі ягоных абаронцаў — праблема не толькі саміх адвакатаў, але і іх падабароннага, расказаў у эфіры Еўрарадыё Дзмітрый Лаеўскі.
Мінская калегія адвакатаў пазбавіла ліцэнзіі адвакатку Віктара Бабарыкі Наталлю Мацкевіч, а яшчэ раней ліцэнзіі быў пазбаўлены і сам Лаеўскі. Да таго ж 20 кастрычніка Мінюст адхіліў ад працы яшчэ аднаго адваката экс-банкіра Яўгена Пыльчанку — яшчэ да пачатку дысцыплінарнага вядзення па ягонай справе.
“Мы не прызнаём асуджэнне Віктара Бабарыкі як прававое. Мы абгрунтавалі, чаму прысуд быў незаконным, і гэтае абгрунтаванне знайшло сваё адлюстраванне ў нагляднай скарзе, якую мы нядаўна падалі. З гэтага пункту гледжання для Віктара Бабарыкі працэс не скончыўся”, — кажа Дзмітрый Лаеўскі.
Ён кажа, што яшчэ застаецца тэарэтычная магчымасць перагляду справы, а для гэтага Бабарыку спатрэбіцца дапамога адвакатаў, якія ведаюць справу.
“У дадзены момант юрыдычная дапамога зводзіцца да нагляду за тым, каб правы Віктара Бабарыкі ў калоніі не парушаліся. Часам узнікаюць іншыя пытанні: напрыклад, неабходнасць аформіць даверанасць. Зразумела, што гэта не тое самае, што абараняць у судовым працэсе. Але немагчымасць атрымаць дапамогу тых адвакатаў, якіх Віктар Дзмітрыевіч выбраў і якім давярае, шкодзіць яго правам”, — кажа Лаеўскі.
Ці магчыма Віктару Бабарыку будзе знайсці ў такой сітуацыі новага адваката?
“Лёгка не будзе, і месяц ад месяца гэта будзе ўсё цяжэй і цяжэй. Я спадзяюся, што калегі, якія застаюцца ў прафесіі, будуць трымацца разумення, што ёсць “больш і менш прыемныя справы”, а ёсць людзі, якім патрэбная дапамога. Але разам з тым я разумею, што ёсць людзі, якія за пэўныя справы не бяруцца, прасцей займацца тымі справамі, якія не маюць рэзанансу. З аднаго боку, цяжка іх папракаць. З іншага, тысячы людзей патрабуюць дапамогі. І для адвакатаў гэта праца ў некамфортных умовах — трэба дапамагаць”, — кажа Лаеўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.