Шанец на прызнанне "пашпарта новай Беларусі" страчаны — Кавалеўскі

Пашпарт новай Беларусі

Пашпарт новай Беларусі / прэс-служба Офіса Ціханоўскай

Праект "пашпарта новай Беларусі" меў невялікае акно магчымасцяў для міжнароднага прызнання "на піку актыўнасці дэмакратычных сіл". Цяпер шанец на яго прызнанне страчаны. Такое меркаванне выказаў кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва, экс-прадстаўнік па замежных справах Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) Валерый Кавалеўскі ў эфіры праграмы "Звычайная раніца".

Паводле яго, цяпер моцна памянялася сітуацыя і знешні кантэкст, таму дасягнуць мэты становіцца значна цяжэй. "Палітычная гісторыя рухаецца далей, Лукашэнка даказаў, што ён змог стабілізаваць сваю сітуацыю, што змог падпарадкаваць сабе эліты, змог справіцца з нейкімі эканамічнымі выклікамі", — патлумачыў Кавалеўскі.

На яго думку, каб было прынята станоўчае рашэнне наконт пашпарта, трэба было б "зрабіць працу ў тры-пяць-дзесяць разоў лепш, чым у звычайных умовах".

"Гэта датычыць таго, як арганізаваны орган выдачы, прававога і тэхнічнага боку праекта. Гэта значыць, як гэты пашпарт выглядае, якім чынам праведзена ацэнка яго адпаведнасці ўсім параметрам. Тут ёсць вельмі шмат пытанняў, нават датычыць таго, як выглядаюць унутраныя працэдуры ў самым органе выдачы. Ёсць нейкія пратаколы, ёсць абгрунтаванні для таго, каб, напрыклад, здымаць адбіткі пальцаў? Ёсць такое абгрунтаванне?"перадае "Позірк" словы экс-дыпламата.

Кавалеўскі падкрэсліў, што ў такога праекта ёсць толькі адна спроба, каб дамагчыся поспеху: "І для таго, каб зрабіць першы і адзіны крок прызнання, трэба вельмі і вельмі добра падрыхтавацца, каб не было ніякіх сумневаў у тым, што гэты праект сапраўды варты палітычнай і практычнай падтрымкі краін Захаду".

Праекта "пашпарта новай Беларусі" быў агучаны ў лютым 2023 года. Спярша ў АПК яго курыраваў Кавалеўскі, але ў сакавіку 2024-га ён падаў у адстаўку. Тады ж АПК заявіў пра стварэнне "пашпартнага цэнтра". А ў траўні 2024-га з'явілася журналісцкае расследаванне пра сувязі літоўскай кампаніі Garsų Pasaulis, якая распрацоўвала пашпарт, з блізкім да Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцам Віктарам Шаўцовым.

Пасля гэтага распрацоўкай дакумента заняўся "Беларускі пашпартны цэнтр" і нават з 26 студзеня  2025-га пачаў прымаць заяўкі на выдачу пашпарта. Аднак літоўскія ўлады заявілі, што не прызнаюць пашпарт і прыгразіла судовым пераследам за выраб фальшывых дакументаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.