Сейм Польшчы зацвердзіў праект агароджы на мяжы з Беларуссю за $414 мільёнаў
14 кастрычніка Сейм Польшчы зацвердзіў праект закона пра збудаванне агароджы на мяжы з Беларуссю. Гэта сродак абароны ад нелегальнай міграцыі. Як адзначае ТАСС, за дакумент прагаласавалі 274 дэпутаты, супраць — 174.
Будаўніцтва агароджы абыйдзецца бюджэту Польшчы ў 1,615 мільярда злотых (каля 414 мільёнаў долараў). Прычым 115 мільёнаў злотых з гэтай сумы будуць выдаткаваныя на тэхнічнае абсталяванне.
Польска-беларуская мяжа цягнецца на 418 км. Мінабароны Польшчы яшчэ ў сярэдзіне верасня пачало на мяжы будаўніцтва плота з калючага дроту вышынёй 2,5 метра. Вайскоўцы паспелі паставіць дрот больш як на 80 км, а агулам запланавана паставіць яго на 180-190 км.
З тэрыорыі Беларусі на тэрыторыю Польшчы з пачатку жніўня спрабавалі нелегальна перайсці больш за 16 тысяч мігрантаў. Большасць такіх спробаў памежнікі прадухілілі, больш за 1800 нелегальных мігрантаў былі затрыманыя.