Ryanair: беларуская расшыфроўка перамоваў з нашым самалётам недакладная

Кіраўнік кампаніі Ryanair Майкл О'ХараЛіры назваў "непраўдзівай і недакладнай" расшыфроўку перамоваў пілота свайго борта з мінскімі дыспетчарамі, якую апублікаваў Мінтранс Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў яго лісце на імя міністра транспарту Беларусі Аляксея Аўраменкі, перадае Reuters.
У Ryanair сцвярджаюць, што пасля паведамлення пра меркаваную прагрозу выбуху пілот прасіў звязацца з авіякампаніяй, але беларускі бок яму адмовіў.
"Яму не пакінулі альтэрнатывы, акрамя як прызямліцца ў Мінску", — кажа ірландскі авіяперавозчык.
У афіцыйнай заяве Дэпартамента па авіяцыі з гэтай нагоды паведамляецца так: "Кіраўнік палётаў Мінскага раённага цэнтра кіравання паветраным рухам некалькі разоў спрабаваў датэлефанавацца да прадстаўніцтва авіякампаніі Ryanair у Літве па нумары тэлефона, які паведаміў экіпаж паветранага судна, але звязацца з кім-небудзь з прадстаўнікоў авіякампаніі не ўдалося".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.