"Рускія прыйшлі — тут яны і застануцца ляжаць": інтэрв'ю беларуса-добраахвотніка
Першая беларуская рота, створаная пры тэрытарыяльнай абароне батальёна "Азоў" / Courtesy photo
У 2022 годзе на абарону Украіны стала беларуская добраахвотніцкая рота, сфармаваная на самым пачатку вайны. Першыя групы ўжо паспелі выканаць баявыя задачы і вярнуцца ў пункт пастаяннай дыслакацыі.
У беларуса з пазыўным "Зубр" за плячыма пяць гадоў вайны на Данбасе: спачатку ў добраахвотніцкім фармаванні, а потым ва ўкраінскіх Узброеных сілах. Даведаўшыся пра расійскае ўварванне, ён з бяспечнай Еўропы паехаў назад на перадавую. У інтэрв'ю Еўрарадыё мужчына расказаў пра наваствораную беларускую роту. Ён цяпер там, дзеліцца баявым досведам з навабранцамі.
Зубр: Стварылі роту для таго, каб сабраць беларусаў-добраахвотнікаў у адным месцы. У 2014 годзе мы не валодалі неабходнай колькасцю людзей з навыкамі і баявым досведам. А ў 2022 годзе мы маем вялікі рэсурс і патэнцыял. Мы ўзялі на сябе адказнасць, каб стварыць асобнае падраздзяленне са сваім камандаваннем. Цяпер мы выконваем задачы на фронце.
Хлопцы матываваныя тым, каб потым вярнуцца дадому і вярнуць сабе краіну. Жалю да агрэсара ў іх няма. Рускія сюды прыйшлі, тут яны і застануцца ляжаць.
Еўрарадыё: Шмат добраахвотнікаў да вас едзе?
Зубр: Я думаю, што ў "мабілізацыйным цэнтры" [валанцёрская ініцыятыва. — Еўрарадыё] ў Варшаве ёсць больш поўная інфармацыя пра тое, колькі ахвотных. Але людзі да нас прыбываюць, колькасць павялічваецца кожны дзень.
Зубру ўдаецца паспаць ўсяго 4-5 гадзін у суткі — спраў безліч. Ён навучае новапрыбылых, займаецца арганізацыйнымі момантамі. Па словах мужчыны, працаваць у шалёным тэмпе дапамагае высокі баявы дух і матывацыя.
Зубр: Каб падрыхтаваць па спецыялізацыі прафесійнага, эфектыўнага байца, патрабуецца некалькі гадоў. У нашых хлопцаў мы спрабуем укласці самыя неабходныя асновы за гэтыя дні, таму што часу няшмат.
У нас ёсць дастатковая колькасць людзей з баявым досведам для эфектыўнага кіравання падраздзяленнем і падрыхтоўкі новых людзей. На ўсіх камандных пасадах у нас таксама знаходзяцца людзі з баявым досведам.
Еўрарадыё: Якія крытэры адбору ў беларускую роту?
Зубр: Мы добраахвотніцкае фармаванне. Бяром усіх, хто можа трымаць зброю ў руках, хто матываваны і мае спецнавыкі. Месца знаходзім для кожнага. У нас няма такога, што мы кагосьці не прымаем.
Еўрарадыё: Асцерагаецеся шпіёнаў, якія могуць пранікнуць пад выглядам добраахвотнікаў?
Зубр: З пытаннямі верыфікацыі і бяспекі ў нас усё арганізавана. Ніякіх праблем не павінна ўзнікнуць. Для пранікнення агентаў у нас занадта горача — мы не дзесьці на задніх ролях.
Еўрарадыё: Украінскія памежнікі ўсіх прапускаюць?
Зубр: Калі я ехаў, то праблемы з перасячэннем мяжы былі. Гэта было ў першыя дні вайны, але цяпер, наколькі я ведаю, памежная служба разам з СБУ і Офісам прэзідэнта ўжо ўрэгулявала гэтыя моманты. Новыя групы добраахвотнікаў ужо рухаюцца ў наш бок. Калі яны прыедуць, то сітуацыя будзе больш зразумелая.
Ці будуць лічыцца наймітамі беларусы-добраахвотнікі, якія паехалі абараняць Украіну? Паводле беларускага Крымінальнага кодэкса, найміцтва — гэта "ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях асобы, якая не ўваходзіць у склад узброеных сіл бакоў, якія ваююць, і дзейнічае ў мэтах атрымання матэрыяльнага ўзнагароджання без упаўнаважання дзяржавы, грамадзянінам якой яна з'яўляецца або на тэрыторыі якой пастаянна пражывае".
Улічваючы цяперашнюю пазіцыю беларускіх уладаў, можна выказаць здагадку, што добраахвотнікаў, якія вярнуліся дадому з Украіны, кампетэнтныя органы як мінімум возьмуць на заметку. Але мяркуючы па настроі мужчын, якія паехалі адбіваць расійскую агрэсію, да поўнай перамогі вяртацца яны наўрад ці збіраюцца.