“Рок-каранацыя-2008” пройдзе ў лютым наступнага года ў змененым фармаце

“Рок-каранацыю-2008” плануецца правесці ў лютым наступнага года. Дакладныя даты і месца правядзення мерапрыемства стануць вядомыя напрыканцы снежня.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў арганізатар “Каранацыі” Юрый Цыбін.

“Тое, што я планаваў зрабіць, я ўсё ж такі зраблю: крыху змяніць фармат, дадаць нешта з іншых музычных жанраў. Вось гэта ўсё павінна быць. Аднак пакуль усё знаходзіцца на стадыі распрацоўкі”.

Раней з’яўлялася інфармацыя, што “Рок-каранацыя” можа прайсці ў Оперным тэатры, які неўзабаве адкрываецца пасля рэканструкцыі. Юрый Цыбін кажа, што пляцоўка будзе іншая, але не менш вядомая.

Аднак называць яе, пакуль не будзе канчатковай дамоўленасці, арганізатар адмовіўся.