“Зялёныя” прапануюць рэфармаваць “Чарнобыльскі шлях-2013”

Менавіта відавочная палітызаванасць і апазіцыйнасць, нягледзячы на экалагічны лозунг “Не — АЭС!”, адштурхоўвае ад “Чарнобыльскага шляху” людзей, упэўнены старшыня партыі “Зялёныя” Алег Новікаў:
130411_novikau.mp3
“Калі чытаеш гэта пасланне, то відавочна, што гэта апазіцыйная акцыя. Я не супраць гэтага, але спрабую глядзець на гэта вачыма абывацеля. А той гэта ўспрымае найперш як апазіцыйную акцыю і толькі потым — як экалагічную. Мы хочам пераставіць акцэнты: каб на першым месцы была экалогія, а на другім — палітыка”.

Нават лозунг “Не — АЭС!” падаецца “зялёным” палітызаваным. Бо адмова ад ядзернай энергетыкі магчымая толькі ў выніку дэмакратычных зменаў у краіне, змены рэжыму, кажа палітык.

Як рэфармаваць “Чарнобыльскі шлях”, якія лозунгі абвясціць і як перапісаць мэсаджы, каб пераставіць акцэнты і надаць мерапрыемству масавасць, Алег Новікаў не ведае. Кажа, што іх справа выказаць сваё меркаванне і распачаць на гэты конт дыскусію. Каб у выніку яе вызначыць, як ажыццявіць пажаданні “зялёных”.

Ці паспеюць арганізатары зрабіць гэта ўжо сёлета, суразмоўца Еўрарадыё казаць не бярэцца. Тым больш, што самі “Зялёныя” у аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху-2013” не ўваходзяць. Але, упэўнены Новікаў, туды ўваходзяць людзі, якія павінны з разуменнем паставіцца да іх рэфарматарскіх ідэй.

Фота — bymedia.net