Жыхар Баранавічаў скардзіўцца ў суд на супрацоўнікаў КДБ
Сяргей Гоўша лічыць, што супрацоўнікі КДБ парушылі яго грамадзянскі правы. Ён просіць суд прызнаць дзеянні кадэбістаў неправамернымі.
Сёлета ў лютым Гоўшу выклікалі на допыт у гарадскі аддзел КДБ па так званай “справе 19 снежня”. У якасці свайго прадстаўніка Гоўша запрасіў дасведчанага юрыста Карнея Пятровіча. Аднак супрацоўнікі КДБ В. Цімафееў і В. Галубкоў не дазволілі Пятровічу прысутнічаць на допыце Гоўшы.
15 лютага Гоўша пісьмова паскардзіўся начальніку гарадскога аддзела КДБ на дзеянні яго падначаленых і прасіў прыцягнуць вінаватых да адказнасці. А 14 сакавіка ён атрымаў з КДБ адказ, што парушэнняў заканадаўства з боку службовых асоб не выяўлена.
Гоўша лічыць, што парушана яго канстытуцыйнае права на абарону. Права мець прадстаўнікоў у такіх выпадках гарантуюць Канстытуцыя і Крымінальна-працэсуальны кодэкс, адзначае ён.