Жанчыны заклікаюць дзяржаву вярнуць цела Уладзіслава Кавалёва (відэа)
У гадавіну смяротнага прысуду Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву з адкрытым зваротам выступілі Ірына Багданава, Лера Красоўская і Любоў Кавалёва.
Яны заклікалі сусветную грамадскасць аб'яднацца і патрабаваць вярнуць цела Уладзіслава Кавалёва яго сям'і. Відэазварот ад імя трох жанчын выпушчаны ў рамках кампаніі Любові Кавалёвай "Вярніце цела", паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
У сваім відэазвароце Любоў Кавалёва просіць дапамагчы ёй вярнуць цела сына. Лера Красоўская (дачка зніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага) дзеліцца сваёй гісторыяй, выказваючы надзею даведацца калі-небудзь, што адбылося з яе бацькам. Ірына Багданава (сястра палітэмігранта Андрэя Саннікава), у сваю чаргу, звяртаецца да сусветнай грамадскасці з просьбай падпісаць петыцыю Любові Кавалёвай і зрабіць усё магчымае, каб прымусіць беларускія ўлады выпусціць палітвязняў і не дапусціць з'яўлення новых.
Роўна год таму, 30 лістапада 2011 года, Вярхоўны суд вынес вырак па справе віцяблянаў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Іх прызналі вінаватымі ў выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая". Віцяблянам прысудзілі смяротнае пакаранне.