Затрыманні ў Вілейцы ў дзень маўклівай акцыі

Еўрарадыё: Як адбывалася гэтае затрыманне?

Малярчук: “У Вілейцы затрымоўвалі не на плошчы, а на падыходах да яе. Я стаяў каля Дома культуры, калі ўбачыў чатыры асобы ў цывільным, якія накіроўваліся да мяне. Яны падышлі, паказалі нейкае пасведчанне і сказалі, што я затрыманы. Я спрабаваў высветліць, на якіх падставах я затрымліваюся, аднак яны працягвалі настойваць на тым, што я павінны праехаць з імі ў пастарунак. Пасля таго, як я не згадзіўся, яны паразмаўлялі з кімсьці па рацыі, і я ўбачыў, што ў мой бок бяжыць яшчэ некалькі чалавек у чорнай вопратцы. Аказалася, што гэта былі супрацоўнікі Мінскага АМАПу. Мяне завялі ў аўтобус, у якім ужо знаходзілася некалькі мясцовых грамадскіх актывістаў і двое хлопцаў з Мінска, якія прыехалі ў Вілейку на Купалле. У міліцыі мы сказалі, што на пытанні супрацоўнікаў мы адказваць не будзем, што не хочам удзельнічаць у гэтым бясчынстве.  У мяне перапісалі пашпартныя дадзеныя і адпусцілі.”

Еўрарадыё: Што інкрымінавалі затрыманым у Вілейцы, і якія прысуды яны атрымалі?

Малярчук: “Аднаго з нас, Дзмітрыя Капцюха, пакінулі ў міліцыі для складання пратакола. Мы засталіся яго чакаць насупраць будынка міліцыі. Ён выйшаў адтуль з позвай у суд. Сёння над ім павінны быў адбыцца працэс, аднак суддзя перанесла паседжанне на 12 ліпеня. Праз наш сайт мы будзем заклікаць людзей, каб яны прыйшлі на працэс і маральна падтрымалі Дзмітрыя.”