"Засвабодаўцы" раздадуць усім значкі "Я быў на Плошчы"
Рух "За Свабоду" 3 сакавіка прэзентуе кампанію "Страху няма". Яе мэта — разбурыць атмасферу страху ў грамадстве і стварыць настрой салідарнасці і адзінства.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч.
Адзін з элементаў кампаніі — значкі з надпісам "Я быў на Плошчы". Іх будуць раздаваць усім ахвотным.
Губарэвіч: "Тут важны асабісты прыклад. І калі знойдуцца тыя, хто не будзе баяцца і калі іх колькасць будзе павялічвацца з кожным разам, гэта таксама будзе пазітыўна ўплываць і на іншых. І ў мэтах кампаніі прадуглежаны не толькі распаўсюд значкоў, але і іншыя дзеянні, пра якія мы распавядзем у чацвер. Вельмі важны таксама асабісты прыклад тых, хто трапіў пад рэпрэсіі і ў выніку не быў зламаны. Тое, што ўчора адбывалася на прэс-канферэнцыі, на якой выступаў Алесь Міхалевіч, гэта таксама ёсць вельмі важным элементам кампаніі "Страху няма".
Еўрарадыё пацікавілася, ці будуць мець маральнае права насіць такі значак людзі, хто не былі на Плошчы. На думку Губарэвіча, кожны сам будзе выбіраць для сябе. Значак могуць насіць як удзельнікі падзеяў 19 снежня, так і іншыя — на знак салідарнасці.