Як праверыць крэдытную гісторыю суседа?
Агульная база ёсць толькі ў Нацбанка, і далёка не ўсе, хто абяцае крэдыт за 15 хвілін, маюць магчымасць ёй карыстацца.
Крэдыт за 15 хвілін без даведак, задатку і паручальнікаў абяцаюць кліенту розныя фінансавыя ўстановы. Тым не менш ваша “крэдытная гісторыя” для іх усё адно важная. Няўжо паспеюць праверыць?
"Калі вы прыходзіце ў аддзяленне нашага банка, — тлумачаць Еўрарадыё ў “МТБанку”, — там праверка вашай крэдытнай гісторыі займае каля 15 хвілін. Проста робіцца запыт у Нацбанк — там ёсць усе дадзеныя. Калі ўсё добра, то банк прымае рашэнне аб прадстаўленні крэдыту, і крэдыт вам пералічваецца на картку альбо наяўнымі”.
Тое ж самае адбываецца, і калі заяўка на крэдыт робіцца па тэлефоне. Праўда, займае ўвесь працэс не 15 хвілін, а некалькі гадзін.
Але апошнім часам з’явілася шмат розных ІП ды арганізацый, якія даюць у крэдыт. Там, канешне, размова ідзе не пра дзясяткі мільёнаў, а пра крэдыт у памеры 1-3 мільёнаў рублёў. Але і для іх ваша крэдытная гісторыя важная, упэўніваюць Еўрарадыё ў адной з такіх арганізацый.
Атрымліваецца, што любы чалавек можа зарэгістраваць такое ІП і атрымаць доступ да ўсіх крэдытных гісторый беларусаў?! Не ўсіх, супакойваюць у Крэдытным рэгістры Нацбанка.
Нацбанк: “З вашага дазволу, як і ў банку, яны маюць права атрымаць вашу крэдытную гісторыю. Але толькі ў тым выпадку, калі вы дасце ім на гэта сваю згоду”.
Супакойвае хваляванне журналіста Еўрарадыё з гэтай нагоды і супрацоўніца камерцыйнага "МТБанка".
"МТБанк": “Звычайны чалавек проста прыйсці ці патэлефанаваць у Нацбанк і сказаць: “Дайце мне базу" ці "Дайце мне звесткі на таго ці іншага чалавека”, — зразумела, што яму ніхто такога не прадставіць”.
Такім чынам, атрымаць поўную базу ўсіх, хто меў крэдыторскія стасункі з усімі банкамі краіны, такія дробныя фінансісты не могуць. Больш за тое, не ўсім Нацбанк нават персанальныя звесткі пра канкрэтнага чалавека і з яго згоды можа падаць.
Нацбанк: “Яшчэ не ўсе дадзеныя арганізацыі падключаныя да нашай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы атрымання інфармацыі пра крэдыты, з якімі працуюць банкі”.
Зараз, распавядаюць у Крэдытным аддзеле, вядзецца праца па падключэнні гэтых дробных крэдытораў. А пакуль…
Нацбанк: “Гэта — рызыкі, якія бяруць на сябе гэтыя арганізацыі”.
Як непадключаныя да аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы Нацбанка арганізацыі правяраюць крэдытныя гісторыі, там не тлумачаць. Кажуць, гэта справа аддзела бяспекі. Але нават буйныя банкі наўпрост паміж сабой не абменьваюцца крэдытнымі гісторыямі — выключна праз Нацбанк. Хочацца верыць, што нейкай “крадзенай” базы крэдытных гісторый у свабодным доступе няма.
А хвілін праз 15 пасля звароту журналіста Еўрарадыё па крэдыт у офіс тэлефанавалі і спраўджвалі інфармацыю наконт яго плацежаздольнасці.
Фота: realt.onliner.by