Wprost: Лукашэнка выслаў бы геяў у саўгасы
Сёння ў Мінску ўпершыню адбыўся дазволены пікет прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў. Пра адносіны да гэтай тэмы ў Беларусі ўзгадалі і польскія СМІ.
Тэма аднаполых стасункаў ужо некалькі дзён з'яўляецца адным з лідараў паводле абмеркавання ў польскіх СМІ. Прычына — заява дэпутата ад кіруючай у Польшчы партыі "Права і справядлівасць" Роберта Венгжына, які прызнаўся, што негатыўна ставіцца да геяў, але з задавальненнем паглядзеў бы на лесбіянак, піша ІА REGNUM.
Ягоныя словы сталі нагодай для крытыкі з боку калег і апанентаў. Ацаніць густы дэпутата журналісты папрасілі яго калегу па партыі, кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага, перадае Wprost.
"Калі я быў у Мінску разам з Гіда Вестэрвеле (кіраўнік МЗС Германіі), мы гаварылі пра меншасці, і не толькі нацыянальныя. Аналагічным чынам выказаўся і Аляксандр Лукашэнка. Прызнаю, што ён не павінен быць прыкладам для сябраў "Грамадзянскай платформы", — адзначыў ён.
Спасылаючыся на крыніцы ў МЗС Польшчы, Wprost піша, што падчас сустрэчы кіраўнікоў МЗС Польшчы і Германіі ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам, прэзідэнт Беларусі выступіў з доўгім маналогам. "Ён сказаў, што не разумее, як мужчына можа жыць з мужчынам. Гэта быў відавочны намёк на Вестэрвелле, які мае партнёра. Германскі міністр занерваваўся, але Лукашэнка пайшоў яшчэ далей. У вельмі вострых формах сказаў, што не мае нічога супраць лесбіянак, але геяў з задавальненнем выслаў бы ў саўгасы", — адзначае крыніца газеты.