Валанцёры прымуць удзел у аднаўленні гістарычнай спадчыны на Гродзеншчыне
Шэраг моладзевых летнікаў адбудзецца каля розных замкаў вобласці.
З 1 ліпеня пачнецца чарговы летнік у Крэве Смаргонскага раёну “Крэўская вунія-2011”. Як паведамляе афіцыйны сайт дабрачыннага фонду “Крэўскі замак”, сёлета запланаваная рэкультывацыя гарадзішча, рэштак замкавага млына і ўласна самога замкавага двара. Таксама валанцёры будуць збіраць вусныя гісторыі ад мясцовых жыхароў.
У ліпені і жніўні добраахвотнікі прыедуць у Любчу Навагрудскага раёна. Тут ад 2003 года дзейнічае дабрачынны фонд “Любчанскі замак”. За гэты час валанцёры аднавілі кутнюю вежу замка, абарончы мур і закансервавалі брамную вежу. Яе аднаўленнем зоймуцца ўжо бліжэйшым летам.
У жніўні Беларускі камітэт ICOMOS ладзіць летнік у Гальшанах на Ашмяншчыне. Тут валанцёры зоймуцца ачысткай і апісаннем старых каталіцкіх могілак.